Усталяванне таталітарнага палітычнага рэжыму ў БССР.

У 1930-я гг. адбываецца эвалюцыя аўтарытарнага палітычнага рэжыму ў СССР, і ў тым ліку БССР, да таталітарнага. Адметнай рысай таталітарызму з’яўляецца жорсткі дзяржаўны кантроль над усімі сферамі жыцця грамадства. У СССР таталітарны рэжым атрымаў у гістарычнай і палітычнай літаратуры назву сталінізму, паколькі фарміраванне дадзенага рэжыму суправаджалася ўстанаўленнем асабістай дыктатуры і культу асобы І. Сталіна.

Фармальна ў СССР і БССР дэклараваліся дэмакратычныя прынцыпы грамадска-палітычнага жыцця. У 1936 г. была прынята новая Канстытуцыя СССР, а ў 1937 г. у адпаведнасці з ёй новая Канстытуцыя БССР. Згодна з ёй, вышэйшым органам дзяржаўнай улады абвяшчаўся Вярхоўны Савет БССР, які выбіраўся на 4 гады. Ён фарміраваў урад – Савет народных камісараў БССР. Усе вышэйшыя і мясцовыя органы ўлады ствараліся на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Былі адменены выбарчыя абмежаванні для пэўных катэгорый насельніцтва. У канстытуцыі дэклараваліся шматлікія грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды. Аднак у рэальным грамадска-палітычным жыцці дадзеныя палажэнні не выконваліся.

У 1930-я гг. была праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, згодна з якой замест акруг у БССР ствараліся вобласці, што адлюстроўвала тэндэнцыю да ўніфікацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў межах СССР.

Характэрнымі з’явамі, якія адлюстроўвалі фарміраванне таталітарызму ў грамадска-палітычнай сістэме БССР, як і ў цэлым у СССР, з’яўляюцца:

1) Зрошчванне партыйнага і дзяржаўнага апарату кіравання. На ўсіх узроўнях цэнтральнага і мясцовага кіравання дзейнасць дзяржаўнай адміністрацыі рэгулявалася і кантралявалася камітэтамі бальшавіцкай партыі.

2) Пераўтварэнне Саветаў, якія афіцыйна выступалі ў якасці вышэйшай дзяржаўнай улады, у фармальныя структуры, цалкам залежныя ад партыйна-дзяржаўнага апарату ў вызначэнні і прыняцці пэўных рашэнняў. Фарміраванне Саветаў і іх выканаўчых камітэтаў адбывалася на аснове безальтэрнатыўных выбараў; кандыдаты загадзя вызначаліся адпаведнымі партыйна-дзяржаўнымі органамі ўлады.

3) Пераўтварэнне ВКП(б)-КП(б)Б з палітычнай партыі ў масавую адзяржаўленую структуру, для кіраўніцтва якой стваралася вялікая бюракратычная іерархія. У дадзеных умовах прыналежнасць да партыі з’яўлялася абавязковым атрыбутам дзяржаўнай кар’еры і крыніцай атрымання сацыяльных прывілеяў. Да 1941 г. у шэрагах КП(б)Б знаходзілася звыш 72 тыс. чалавек. З мэтай умацавання партыйнага адзінства перыядычна праводзіліся “чысткі” шэрагаў партыі.

4) Фарміраванне і развіццё масавых адзяржаўленых грамадскіх арганізацый, якія ахоплівалі практычна ўсё насельніцтва: прафсаюзы, камсамол, абаронныя таварыствы і г.д. Іх дзейнасць строга кантралявалася і рэгламентавалася з боку партыйна-дзяржаўных органаў улады; структура будавалася на ўзор ВКП(б)-КП(б)Б. Галоўнай задачай гэтых арганізацый было забеспячэнне кантролю над рознымі сацыяльнымі групамі насельніцтва ў розных сферах грамадскага жыцця.



5) Імітацыя шырокай грамадскай актыўнасці, што ўключала ў сябе арганізацыю і правядзенне масавых сходаў, дэманстрацый, мітынгаў, “грамадскіх ініцыятыў” у падтрымку дзеянняў улад, усеагульнага ўдзелу ў безальтэрнатыўных выбарах у Саветы і галасавання за вылучаных уладамі кандыдатаў; правядзенне шырокай прапаганды на карысць існуючага ладу.

6) Згортванне палітыкі беларусізацыі. Адлюстраваннем гэтага стала правядзенне працэсу па сфабрыкаванай справе “Саюзу вызвалення Беларусі” (1930-1931), у ходзе якога былі асуджаны вядучыя дзеячы беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі (В. Ластоўскі, С. Некрашэвіч, Я. Лёсік і інш.), абвінавачаныя ў імкненні да звяржэння савецкага ладу. Далейшым вынікам сталі рэпрэсіі 1930-х гг., накіраваныя супраць беларускай інтэлігенцыі і часткі партыйна-дзяржаўных дзеячаў, якія праводзілі палітыку беларусізацыі, пад лозунгам барацьбы з т.зв. “нацыянал-дэмакратызмам” (нацдэмаўшчынай”). У 1933 г. была праведзена рэформа правапісу беларускай мовы, якая наблізіла яе нормы да рускай мовы. Пануючы статус беларускай мовы ў афіцыйным справовдстве, друку, сферы адукацыі ў 1930-я гг. яшчэ захоўваўся, аднак, пераважнай становіцца тэндэнцыя ўмацавання пазіцый рускай мовы ў грамадскім жыцці, павольнай русіфікацыі сістэмы адміністрацыі.

6) Культ асобы І. Сталіна, звязаны з гіпербалічным ухваленнем яго дзейнасці ў афіцыйнай прапагандзе і недапушчэнні якой-небудзь крытыкі ў яго адрас.

7) Масавыя рэпрэсіі ў адносінах прадстаўнікоў розных сацыяльных груп насельніцтва, уключаючы прадстаўнікоў партыйна-дзяржаўнага апарату, западозраных у нелаяльнасці да існуючага рэжыму. Ажыццяўленне рэпрэсій ускладалася на спецыяльныя карныя органы, назва якіх некалькі разоў змянялася: ЧК, ОГПУ, НКВД. Ахвярамі рэпрэсій станавіліся ў першую чаргу прадстаўнікі былых пануючых сацыяльных груп (дваранства, буржуазіі), сяляне, якія супраціўляліся ўваходжанню з калгасы, інжынерна-тэхнічныя кадры, інтэлігенцыя, духавенства розных канфесій. Пасля 1934 г. следства па палітычных справах спрашчалася і перадавалася нарадам з 3-5 асоб мясцовых кіраўнікоў партыі і НКВД. “Тройкі” без прысутнасці абвінавачаных завочна выносілі прысуды ўключаючы смяротныя. Найбольш масавы характар рэпрэсіі набылі ў 1937-1938 гг. У гэтыя гады былі рэпрэсіраваны большасць кіраўнікоў цэнтральнага і ў значнай ступені мясцовага партыйна-дзяржаўнага апарату БССР, шматлікія кіраўнікі гаспадарчых і грамадскіх арганізацый, вышэйшыя ваенныя кадры, вядомыя навукоўцы і дзеячы культуры. Для абгрунтавання рэпрэсій праводзілася фабрыкаванне спраў розных “шпіёнска-дыверсійных”, “тэрарыстычных”, “шкодніцкіх” арганізацый, якія нібыта імкнуліся да звяржэння існуючага ладу і супрацоўнічалі з разведкамі замежных дзяржаў. Сярод іх справы “Саюза вызвалення Беларусі”, “Працоўнай сялянскай партыі”, беларускага філіяла “Прампартыі”, беларускага філіяла “Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)”, “Аб'яднанага антысавецкага падполля”, “Беларускай аўтакефальнай царквы”, “Беларускага нацыянальнага цэнтра” і інш. Усяго ахвярамі сталінскіх рэпрэсій у 1920-1950-я гг. стала каля 600 тыс. чалавек. Большасць рэпрэсіраваных накіроўваліся ў лагеры ГУЛАГ; значная частка была пакарана смерцю: толькі на працягу другой паловы 1930-х гг. было расстраляна каля 30 тыс. чалавек.



Галоўнымі мэтамі палітычных рэпрэсій з’яўляліся папярэджанне супраціўлення рэжыму, забеспячэнне таннай паднявольнай працоўнай сілай буйных будоўляў ва ўмовах індустрыялізацыі.

Такім чынам, на працягу 1930-х гг. на тэрыторыі БССР сфарміраваўся сталінісцкі таталітарны рэжым. Стварэнне строга цэнтралізаванай іерархічнай партыйна-дзяржаўнай сістэмы ўлады, а таксама масавыя рэпрэсіі абумовілі стабільнасць дадзенага рэжыму і немагчымасць існавання істотнага антыўрадавага руху.


4350089748471056.html
4350127905295503.html
    PR.RU™